На вялікіх выходных у адным з чатаў, прысвечаных перасячэнню мяжы з Еўрасаюзам, адразу тры чалавекі напісалі, што трапілі ў непрыемную сітуацыю. Пасажыры прыйшлі на аўтавакзал у Літве, каб даехаць з Вільнюса да Мінска, і даведаліся, што іх месцы ўжо занятыя. Некаторым, з іх словаў, прапанавалі ехаць стоячы. Спыталі ў «Мінсктранса», як такое магло адбыцца і як падстрахавацца, каб не сутыкнуцца з гэтым.
У пятніцу, 26 снежня, у чаце, прысвечаным перасячэнню беларуска-літоўскай мяжы, адна з жанчын напісала, што ў 18.30 іх аўтобус мусіў ехаць з Вільнюса да Мінска. Аднак у салоне аказалася адразу шэсць «лішніх» пасажыраў. Гэта людзі з «падвойнымі месцамі», то-бок на іх сядзенні прадалі па два праязныя дакументы.
— Едуць стоячы, кіроўцы ўзялі ўсіх, — напісала яна, адказваючы на пытанне, што рабілі гэтыя пасажыры.
Яна дапусціла, што ў такой няпростай сітуацыі ўсё, «відаць, залежыць ад кіроўцы», і ўдакладніла, што перавозчыкам быў «Мінсктранс».
Да размовы падключылася яшчэ адна з удзельніц чата. Жанчына паведаміла, што трапіла ў такую ж сітуацыю. Дату рэйса і перавозчыка яна не назвала.
— Паказваю «скрын» кіроўцу, што купіла 27 лістапада білет праз Busfor (анлайн-сэрвіс продажу білетаў. — Заўв. рэд.), а ў яго ў дакументах няма мяне нідзе наогул, і на маім месцы іншы чалавек, — напісала яна. — Маліла ўзяць мяне за даплату і пасадзіць на [дадатковае] месца для кіроўцы. Плакаць пачала, дапамагло.
Крыху пазней гэтую тэму падтрымала і трэцяя жанчына.
— Гэта кашмар, вядома, быў сёння (гаворка пра 26 снежня. — Заўв. рэд.) у «Мінсктранса». Нас было дзевяць чалавек з падвойнымі месцамі, — не хавала эмоцый яна. — [Мы] куплялі [білеты] у касах аўтавакзала месяц таму. Едзем з дзіцем на руках не на сваіх месцах, і яшчэ такіх грошай білеты каштавалі!
Паводле звестак сэрвісу Busfor, білет на аўтобус «Мінсктранса» на 18.30 пятніцы, 2 студзеня 2026 года, каштуе 250 рублёў.
Што кажуць у «Мінсктрансе»?
Каб зразумець, як людзям маглі прадаць «падвойныя месцы», журналістка «Люстэрка» як звычайная грамадзянка звярнулася ў службу даведкі «Мінсктранса».
— Гэта ў сувязі з закрыццём мяжы, відаць, такая атрымалася аказія. А цяпер ужо стабільна ідуць рэйсы, — патлумачылі там магчымую прычыну. — [Цяпер] вы купіце на сваё месца. А тады [да закрыцця мяжы з Літвой] людзі куплялі [білеты], [пасля закрыцця мяжы і адмены аўтобусных рэйсаў] нехта вяртаў, нехта не вяртаў, і атрымалася такая блытаніна з білетамі. Многія не перааформілі білеты, вось і выйшла блытаніна.
Паводле супрацоўніцы даведкі, цяпер праблем з закрытай мяжой няма, а значыць, білеты можна смела купляць. Тыя, хто іх ужо набыў, але перажывае і не хоча трапіць у непрыемную сітуацыю, могуць патэлефанаваць на нумар 114 або +375 17 251 14 11 і ўдакладніць, ці сапраўды іх месца замацаванае за імі.
Нагадаем, 29 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларуссю. Прычына — усё часцейшыя выпадкі прылёту метэазондаў з кантрабандай, якія пагражалі працы аэрапортаў. Працу двух пунктаў пропуску аднавілі 20 лістапада. Гаворка пра памежныя пераходы «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі»).
Чытайце таксама






